3 ліпеня - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
3 ліпеня - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, якое адзначаецца штогод у гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.
З 1991 г. Дзень незалежнасці Беларусі адзначаўся 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю "Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". Дэкларацыя абвяшчала "поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць у знешніх адносінах".
Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята падчас рэспубліканскага рэферэндуму ў 1996 годзе.
Галоўнае мерапрыемства Дня Незалежнасці - урачысты ваенны парад. Ён нагадвае аб тым, што беларускі народ коштам неймаверных страт заваяваў свабоду і незалежнасць Радзімы і ў далейшым не адступіцца ні пядзю сваёй незалежнасці.
Гэты дзень аб'ядноўвае ўсіх жыхароў беларускай зямлі, нагадвае, якім коштам дасталася беларускаму народу права на свабоду, права жыць на сваёй зямлі. 3 ліпеня Беларусь святкуе свой суверэнітэт і працвітанне.
Мы аддаём даніну павагі мужнаму пакаленню пераможцаў. Нізкі паклон Вам, дарагія ветэраны.
У гэтае свята жадаем нашай краіне працягваць свой мірны шлях у развіцці, жыхарам нашай дзяржавы шанаваць свабоду і незалежнасць, а ўсе разам мы будзем памнажаць поспехі і дасягненні Беларусі!